Пра невырэшныя праблемы
mikalai_u
У чацвер, учора, выйшла апошняя серыя Наруты. І хоць сюжэтныя серыі скончыліся чорт ведае калі, цяпер ужо зусім усё.

Серыял пра Наруту адзначыўся ў маім жыцці, сярод іншага, адказам на амаль невымоўнае пытанне "як жа развязаць невырэшную праблему". Памятаеце, Нарута вельмі-вельмі хацеў вярнуць свайго сябра? Толькі той Саскэ сам аддаляўся ўсё хутчэй і хутчэй, ніяк за ім не ўгнацца. І ўсё ж, гэта ж мастацкі твор усё-ткі, у Наруты ўсё ўдалося. І дужа так рэалістычна, скажу я вам. Як гэта бывае ў жыцці, з'явілася іншая праблема, пабольш і паважней. Ды тэрміновая жудасна, накшталт таго, што калі не разбяромся, усе разам загінем. І вось пакуль Нарута разбіраецца з Мадарам, Саске сам вяртаецца, але ўсім ужо не да яго, тут ТАКОЕ!

Вядома, што вярнуўся - гэта казка, у жыцці ніхто нікуды не вяртаецца. Але ж гэты спосаб вырашэння, калі нейкая праблема становіцца зусім няважнай з-за новых праблем, неадкладных і тэрміновых, такіх балючых і ўсеабдымных, што пра старыя і ўспамінаць некалі - гэта наша ўсё.

Пра гэты дзённік
mikalai_u
Тэксты, выкладзеныя тут, напісаны па-беларуску. І на тое, што я карыстаюся гэтай мовай, ёсць прычыны:

1. Прапедэўтычныя якасці. Нідзе не сустракаў звестак пра замеры прапедэўтычнага эфекту, але бяру на сябе смеласць думаць, што з беларускай ён такі ж, як і з эсперанта.

2. Магчымасць паглыблена вывучаць любы прадмет нестандартным спосабам: напісаннем уласнаруч артыкула ў энцыклапедыю. Хай сабе гэта будзе беларуская вікіпедыя.

3. Індыкатыўны эфект. Напрыклад, зрэдзьчасу даводзіцца называцца так, як напісана лацінскімі літарамі ў маім пашпарце. І бывае, знаходзяцца людзі, якім абавязкова трэба выказаць іх стаўленне да сістэмы запісу імён у мясцовых пашпартах, і неразуменне, навошта там нейкая яшчэ мова. Заўважана, што гэтыя людзі не абмяжоўваюць сваё неразуменне моваю.

З большага, гэта ўсе прычыны. "Так мала!" - скажа нехта. Ну добра, а якія ёсць прычыны карыстацца якой-небудзь яшчэ мовай, акрамя англійскай? Гаворачы па-англійску, я змагу знайсці ўсё, што трэба, у любым прыстойным горадзе, а ўжо пра інтэрнэт і казаць не выпадае - ён больш чым на палову складаецца з англамоўнага кантэнту.

Калі б я напісаў гэты тэкст па-англійску, я мог бы думаць, што мяне зразумее нашмат больш людзей. Але гэты тэкст напісаны па-беларуску, таму што карыстанне агульнай мовай нічога не гарантуе. І да, гэта яшчэ адна прычына пісаць па-беларуску: прышчэпка ад ілюзіі разумення.
Цэтлікі: ,

Яшчэ плашчакі
mikalai_u
У папярэднім сваім допісе я скардзіўся на адсутнасць ёмкіх сродкаў пазначыць ходжаныя месцы ў інтэрнэце біркамі накшталт "асцярожна, міны". І пад гэту марку прывёў прыклады тэксту для такіх пазнак. Магчыма, у тых тэкстах не хапае аўтэнтычнасці, а мо і здаецца відавочным, што яны перакладзены з іншага месца. З другога боку, тутэйшыя інтэрнэты вартыя толькі дзвюх бірак, ды і з іх толькі адна больш-менш самаробная.

Гаворыць высока, ліжа глыбока
Асцярожна! Гэны артыкул пра нешта, датычнае палітыкі. Ён без усякага сумневу заангажаваны на карысць самі ведаеце каго. Nobody cares.

Перад вамі яшчэ адзін няўдалы прыклад вопытаў з некрамантыяй
Аўтар-некрафіл усімі сіламі імкнецца вярнуць да жыцця пахаваны артыкул. Аднак, "вярнуць" - не тое слова, бо артыкул прыйшоў на гэты свет ужо мёртванароджаным.

Плашчакі
mikalai_u
І ў інтэрнэце, і ў жыцці сутыкаюся з тэкстамі, на якія хочацца пачапіць бірку з якім-небудзь папярэджаннем. На выпадак, калі я раптам забуду, што гэта ўжо чытаў, каб ведаць, чаго чакаць. Часам катастрафічна не хапае апошняга з пададзеных ніжэй плашчакоў. А яшчэ, па законе вялікіх лічбаў, абавязкова знойдзецца чалавек, які ні разу не бачыў такія надпісы у іх натуральным, так сказаць, асяроддзі. Таму - папярэджанні россыпам:

Увага! Артыкул-дэтэктар!
Адным з пабочных эфектаў ад чытання гэтага артыкула з'яўляецца так званы butthurt.
Калі вы пачняце адчуваць боль у ніжняй частцы спіны, належыць неадкладна спыніць далейшае чытанне і змірыцца з тым фактам, што вы - блогер.
Болей...Collapse )

Яшчэ пра поспех
mikalai_u
Арыстоцель яшчэ дзве з добрым гакам тысячы гадоў таму апісаў усе магчымыя палітычныя сістэмы. Для такой рэчы, як унутраная будова грамадства, дзве тысячы гадоў - не тэрмін і не паказчык. Але як і тады, так і цяпер, ніводная з апісаных Арыстоцелем сістэм не гадзіцца хаця б на тое, каб прадухіліць сацыяльныя катаклізмы. І здаецца, што прычынаю для непрыдатнасці ёсць самі людзі, самі удзельнікі дзейства, праз асаблівасці сваёй будовы. Гэтак жа, як падлетак, апынуўшыся за рулём машыны, уціскае акселератар у падлогу і ўжо не можа адпусціць яго, так і ў астатнім нашым жыцці - людзі імкнуцца да поспеху, а поспех не абяцае ў сухім астатку нічога, акрамя чарговых магіл у кювеце гісторыі.

Рагнар-пераможца
mikalai_u
Рагнар уварваўся ў пакой як сапраўдны воўк. Толькі нечалавечыя рэакцыя і рухі, недаступныя простаму чалавек, дазволілі яму разгледзець у пустым пакоі полчышчы жудасных ворагаў. З загружаных яму ў галаву ведаў Рагнар вывудзіў інфармацыю пра тое, што гэта былі кракены! Простаму чалавеку не былі даступны гэтыя веды, але Рагнар быў касмічным ваўком. Усё гэта доўжылася толькі долі секунды, таму што рэакцыя ў ваўка была звышчалавечая. Полчышчы зласлівых і жудасных пачвар пачалі набліжацца з неверагоднай хуткасцю, але Рагнар быў не проста чалавекам, ён быў касмічным ваўком! Ён выхапіў ланцужны меч і... Праз секунду ворагі былі пераможаны.

***
Рагнар сваім нечалавечым нюхам пачуў надыходзячую небяспеку! Толькі касмічны воўк мог адчуць яе, просты ж чалавек ніколі не адчуў бы! Рагнар азірнуўся і жахнуўся - полчышчы ворагаў былі ўжо зусім побач. Рагнар з звышчалавечай хуткасцю, недаступнай простаму чалавеку, выхапіў болт-пісталет. Прагрымелі стрэлы. Ворагі былі пераможаны.

***
З нечалавечай хуткасцю Рагнар размахваў ланцужным мячом. Калі б просты чалавек назіраў збоку, то ён нават не змог бы разгледзець Рагнара - таму, што Воўк рухаўся з нечалавечай хуткасцю, недаступнай простаму смяротнаму. Звер унутры заварушыўся, узняў морду i ў той жа момант Рагнар стаў рухацца з яшчэ больш нечалавечай хуткасцю. Яшчэ момант - і полчышчы ворагаў ляжалі ля яго ног. Яны былі пераможаны.

***
Рагнар з нечалавечай хуткасцю выхапіў ланцужны меч. Ворагі ўпалі к яго нечалавечым нагам.

Пра давер
mikalai_u
Ведаеце, чаму людзі давяраюць адзін аднаму? "Таму што дурні", скажа нехта. Ат, з тымі, хто так лічыць, я спрачацца не буду. Я з такімі людзьмі яшчэ шмат чаго рабіць не буду, але тут не пра іх. Гэтым пытаннем я задаваўся яшчэ ў дзяцінстве, і толькі некалькі гадоў таму сустрэў тлумачэнне. І хоць там тлумачылі нейкую эканамічную тэорыю, аднак, прычына даверу станавілася відавочнай. Паўтараць не буду, самі знойдзеце, калі захочаце. Скажу толькі, што з таго часу заўважыў яшчэ некалькі прычын.
Цэтлікі:

Ваха
mikalai_u
Каплан Абвіоза прачнуўся з лёгкім пачуццём трывогі. Выйшаўшы з келлі, ён не выявіў нічога незвычайнага - оркі ўсё так жа штурмавалі імперскія пазіцыі, спейсмарыны і гвардзейцы гераічна адбівалі атакі оркаў, але каплана не адпускала пачуццё нейкай няправільнасці таго, што адбываецца. Абвіоза заўважыў непадалёку знаёмы корпус дрэдноўта і паспяшаўся да яго.

«Брат Танкрэд, я бачу, што з твайго дрэдноўта ўсё яшчэ не знялі мультымелту» - павітаў Танкрэда каплан - «Паслухай, ці не здарылася чаго незвычайнага ў час майго сну?»
«Па-мойму, здарылася, каплан Відавочнасць» - павярнуўся да Абвіоза дрэдноўт - «Вы забыліся, што я - браняносец, гэта - спараная плавільная гармата, а клічуць мяне - Бакчырвон.»

Усведамленне таго, што адбываецца, выбіла зямлю з-пад ног каплана. Задыхаючыся, ён упаў на калені, сарваў з сябе шлем і пачаў апантана маліцца Імператару. Але завучаныя словы малітвы зрываліся з языка незнаёмымі гукамі, скажаючы святыя словы да непазнавальнасці. Да бітвы за Чорны Край далучыўся пяты, самы бязлітасны бог Хаосу - Пераклад.

Пра шчасце
mikalai_u
"I'm a man of simple tastes. I'm always satisfied with the best."
- Oscar Wilde

Ведаеце, які сэнс хаваецца за выразам "простае жаночае шчасце"? Першы прыметнік - "простае" - як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, супадае з такім у цытаце з Оскара Уайльда. Проста ўсё найлепшае - гэта першая ўмова нескладанага, на першы погляд, шчасця.

"Жаночае" падкрэслівае, што мужчынам яно не падыходзіць. Аж зацікавіўся, што ж там такое. Спытаў у гугла, той накідаў спасылак. Кажуць, жаночае шчасце - кахаць і быць каханай. Прамільгнула здагадка, што я ведаю, чаму гэта рэч недасяжная для мужчын - бо роўнай моцы пачуцці ў абодвух каханкаў бываюць не тое што рэдка, а ніколі, ды і калі б нават былі, то як толькі з'явіцца хоць найменшая розніца - адзін другога кахае больш, чым другі першага - адразу ж гэтая розніца стане памерам з усё астатняе, разам узятае. Ну, так, што для мужчын - недасяжнае, тое жанчынам - шчасце.

І яшчэ. Шчасце, яно само па сабе рэч эфемерная. Рэзуміруючы, атрымліваем тройчы прынцыпова немагчымую з'яву.
Цэтлікі:

Ваха
mikalai_u
Каплан Абвіоза вяртаўся з начнога патрулявання, як раптам яго чуйныя вушы ўлавілі падазроныя гукі. Нягледзячы на ​​тое, што днём была зняможная бітва, і пад вечар большасць гвардзейцаў валілася з ног ад стомы, у адной з палатак відавочна не спалі. Каплан вырашыў ціха падкрасціся бліжэй, каб высветліць прычыну падобных паводзін - гэта магла быць і якая-небудзь неістотная дробязь, а магла быць і нованароджаная ерась.

«Ты позна, ужо хутка пад'ём. Ну што, прынёс?» - спытаў жаночы голас.
«Прынёс» - адказаў трохі задыханы мужчынскі - «Без яго нельга - бяспека вышэй за ўсё. Пачнём?»
Абвіоза пачуў шамаценне тканіны.
«Ох! Ён вялікі! Слухай, я ніколі такі вялікі... ён наогул улезе?» - Жанчына злёгку нервавалася.
«Не хвалюйся, усё будзе добра» - супакоіў яе мужчына - «Опа!»
«Ой, я ніколі так рэзка» - жаночы голас сарваўся ў хуткую малітву на адным дыханні, каплан не мог разабраць асобныя словы.
«Няёмка?» - У мужчынскім голасе прагучала заклапочанасць - «Можа, памяняемся месцамі?»
«Ды так мне камфортней» - пасля непрацяглай паўзы адказала жанчына - «Але ж ён занадта вялікі, сам паглядзі. Не лезе да канца.»
«Плаўнымі круцільнымі рухамі» - павучальна прамовіў мужчына - «Так, вось так вось. Давай я ледзь-ледзь памагу.»
«О, у цябе моцныя рукі!» - адказаў жаночы голас.
Абвіоза злёгку пацягнуў на сябе полаг палаткі і зазірнуў у атвор. У няяркім святле паходнай лямпы два гвардзейцы, штохвілінна спраўджваючыся з «Imperial Infantryman's Uplifting Primer», прыкручвалі новенькі зіхатлівы ствол да старога пабітага лазгана.

Вярнуўшыся ў сваю келлю, каплан правёў тры гадзіны ў малітвах, пакуль не адчуў, што яго розум крыштальна чысты, а думкі правільныя і няскручаныя.

?

Log in